Сонца над Токіа. А над Нью-Ёркам агні.
Каваю пахне Парыж. А Стамбул пахлавою.
Ціха плывуць над зямлёю
Апошнія мірныя дні
Перад апошняй сусветнай вайною.
Ви досі не підписані на телеграм-канал Літгазети? Натисніть, щоб підписатися! Посилання на канал
Марш Мендэльсона ў палацы Манака гучыць,
Правіцца баль, на вяселлі гуляе паўсвета,
Соладка п’ецца віно,
але ўсё-ткі на вуснах гарчыць
Перад апошняй вайною апошняе лета.
У Ватыкане моліцца Папа за мір,
У Аль-Хараме малітвы над храмам, як ветразі,
Ніл працякае, як вечна ён цёк, праз Каір –
Ды ўжо паціху вада чырванее пры беразе.
Ціша над Крэвам, дзе лес поўны спелых суніц,
Але ўзгулі бамбавозы над замкам над Крэўскім –
І асыпаюцца ягады, падаюць кнігі с паліц:
Дантэ з Шэкспірам і Ніцшэ з Ф.М.Дастаеўскім.
Колькі прарокаў! І ўсе – пра канец. Пра сыход.
Піфія ў Дэльфах. Ісая і Аўдзій. І Ванга.
Вось і танцуе Дэтройт свой апошні факстрот,
І Аргенціна танцуе апошняе танга.
Бліскае срэбрам на рынку Пусана луска,
Заўтра ўжо сейнеры выйсці не змогуць на ловы,
Новы “Лятучы галандец” – крэйсер “Масква”
Сёння ўваходзіць ва Ўсходняе мора…
СТАЛЁВА
Бліскаюць лодкі падводныя там, дзе кіты
Шляхам адвечным плывуць, дзе гарэзяць дэльфіны…
Піфія з Дэльфаў! Прарочыла гэта не ты!
І не Ісая прарочыў
Кроў Украіны!
Можна прарочыць такое, калі звар’яцець,
І калі ўбачыць, ступіўшы за ўсе небасхілы,
Як перад смерцю ўкраінскай красуецца руская смерць
Каля магілы.
На піраміды Егіпта цярушыцца вечнасці пыл.
“Жні, што пасееў”, – напісана ў фіўскіх грабніцах.
І падымаюцца пылам і прахам з магіл
Дзеці і ўнукі, якім ужо не нарадзіцца.
А ў рэстаранах, у барах і пабах, ва ўсіх кабарэ,
Дзе куртызанка Еўропа спявае і грае,
Break. Перапынак. Бо жах куртызанку бярэ:
Божая Маці ў яе на руках памірае.